Мітынг, прысвечаны 40-годдзю аварыі на ЧАЭС, стаў сімвалам памяці і развіцця Чачэршчыны
25.04.2026
У Чачэрску ля манумента адселеным вёскам прайшоў мітынг, прысвечаны 40-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Гэта знакавае месца – вынік працы мноства людзей, якія пажадалі захаваць і перадаць памяць аб тых падзеях і іх героях. Тут сабраліся кіраўніцтва раёна, працоўныя калектывы, грамадскасць і моладзь. У мітынгу прынялі ўдзел кіраўніцтва і прадстаўнікі Гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў.
Старшыня райвыканкама Сяргей Гайкоў падкрэсліў, што за мінулыя 40 гадоў у Беларусі было многае зроблена для таго, каб пераадолець наступствы аварыі. Мы адрадзілі сваю зямлю, накіравалі намаганні на зніжэнне ўздзеяння радыяцыі на жыццё і здароўе людзей і здзейснілі мноства іншых важных спраў. Гэта доказ таго, што аб'яднаўшыся, наш народ здольны пераадолець любыя цяжкасці. Вынікі пазітыўных пераўтварэнняў зрабілі квітнеючым і Чачэрскі край. Мы гадуем хлеб, будуем хаты, на роднай зямлі выхоўваем дзяцей і з упэўненасцю глядзім у будучыню.
Чарнобыльская бяда ў красавіку 1986-га паўплывала на ўсю Беларусь, асабліва пацярпела Гомельская вобласць. У барацьбу з наступствамі радыяцыйнага забруджвання ўключыліся і чачэрскія ліквідатары. Яны сталі ўзорам гераізму і мужнасці, прафесіяналізму, гатоўнасці да самаахвяравання. На мітынгу прайшла цырымонія ўзнагароджання тых, хто 40 гадоў таму прыняў першы радыяцыйны ўдар і хто стаў для маладога пакалення прыкладам таго, што значыць быць сапраўдным патрыётам сваёй Радзімы.
Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць герояў і ахвяр аварыі, якія пайшлі з жыцця, да падножжа манумента ляглі жывыя кветкі.
Чарнобыль стаў урокам адказнасці, якую чалавецтва нясе за свае рашэнні і праверкай сілы духу людзей. Ад аварыі да адраджэння прайшло 40 гадоў. Мы ідзем па шляху стварэння і любові да малой радзімы. І гэта самы верны шлях.